Як хістаецца ліст на галлі —
чалавечай істоты "ўладарства"!
Ці цары мы
прыроды,
калі,
як на небе, так і на зямлі,
зневажаем Сусветы і Царствы?
Ці рабы "выкрутасаў" душы?
І ШТО — людзі — у велічным свеце,
у якім
"анішто" —
мурашы —
прымудраюцца жыць — не грашыць
на сваёй, "мурашынай", планеце?
А ў паветры, над морам палёў,
што ні дзень па натхнёнасці шчырай
адбываецца
злёт
матылеў,
і жукоў, і стракоз, і чмялёў
на "паседжанні"
самітаў
міру.
Свету МІР дэманструюць
ЯНЫ!
Ну а мы?
Ці не жахі вайны?