Я ўзрос у краях, дзе месяц,
як акраец духмянага хлеба,
людзі з цеста хмельнага месяць
перад тым, як павесіць на неба.
Я ўзрос у краях, дзе вочы
васільковаю сінню абліты,
дзе гарачы пагляд дзявочы
з сонца вытканы і з блакіту.
Я ўзрос у краях сунічных,
у краях, дзе шчасця багата,
дзе замест малака крынічнай
патрабуюць вады немаўляты.
Я ўзрос у краях,
якія,
бы загадкавы сказ былінны,
без якога,
як без крыві,
я
не змагу пражыць
ні хвіліны.