ПАН ФРЫДЭРЫК
Вільгаццю, бэзам, азонам
Вее Шапен, і застыў
Тысячакропельным звонам
Недатыкальны матыў.
Нейкім законам прыроды
Зроблены той гукарад:
Знічкі, паветра і воды,
Ты – іх маркотны сабрат.
Спевам прасторным, найбольшым,
Быццам, як птушка ў лісці,
На аддаленні ад Польшчы –
Той, што ніяк не знайсці,
Бо лазурковым фантанам,
Светлай слязой з-пад павек,
Выракам фартэпіянным
Кожны жыве чалавек.
Кволы разгублены шляхціч,
Хіба ісці ў галалёд
Лёгка адхоністым шляхам
I падымацца ў палёт?
Польскага меласу гронкі,
З’яўленыя ў перадгром’і,
Прыме любы матэрык.
Толькі не знойдзецца сродак
Лёсу твайго асяродак
Выведаць, пан Фрыдэрык.