Прашу літасьці,пані растаньне,
Ваша зграя мне спрэс няўмогу.
Шэрых дзён халастых адлятаньне
Я камячу ў анучу-дарогу.
На падступных апаленых сьцежках
Я блукаю параненым воям,
Мне сябры-- хвояў сумныя вежкі
Ды трава зьмізарнелая гоняў.
Гэй,паслухайце,пані надзея,
Вы--як возера ў Боскіх далонях.
Я хачу,прытуліўшы да рэі
Цалаваць вашы пекныя скроні.
Прывітаньне вам,матухна вера,
Вы--як зорка зіхцелі ў нябёсах,
Асьвятляя змарагдавы бераг,
Калі плыў я за сонечным лёсам.
У садох пазалоціць каханьне
Сакавітую жоўтую восень,
Я прыйшоў да вас,пані спатканьне
Заплятаць васільковыя косы.