Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Апошнія водгукі

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

расстанне

Сярэдняя: 4.4 (25 галасоў)

А ці былі яны – размовы,
І цуд з табою побач быць,
І тыя позіркі і словы,
Што могуць сэрца растапіць,

І напаіць душу пяшчотай,
І цяплынёй сваёй сагрэць?
Як спадзявалася я, што ты
Ўва мне патрэбу будзеш мець!

Ды раптам знішчыла расстанне
Пустыя мары. Вось і ўсё!
О, безнадзейнае каханне –
Бы кандалы на ўсё жыццё!

Ты нават і не развітаўся.
Пайшоў – і сонца патушыў.
І мне хваробаю застаўся
Вялікі смутак на душы.

Як мне змірыцца з горкім лёсам?
Хачу забыць тваё імя!
Мальбой узрушваю нябёсы,
А ратавання ўсё няма.

З’ядаюць дні мае і ночы
Боль успамінаў, неспакой:
Усюды мрояцца мне вочы
І незабыўны голас твой.

Ці пакаранне мне – разлука?
Паўсюдна бачу мілы твар.
І не спыныць мне тыя мукі,
І не заліць слязьмі пажар.

Губляю розум ад самоты –
Бо не сустрэць, бо не спаткаць.
Адно ўцяшэнне адзіноты –
Здаля нястомна бласлаўляць.

2008



Сярэдняя: 4.1 (1215 галасоў)

Бывай, абуджаная сэрцам, дарагая.
Чаму так горка, не магу я зразумець.
Шкада заранкі мне, што ў небе дагарае
На ўсходзе дня майго, якому ружавець.

Ці помніш першае нясмелае прызнанне?..
Над намі жаўранкам звінеў і плакаў май.
Назаўтра золкае, туманнае світанне,
Суровы позірк твой і мой нямы адчай.

Пайшла ты, любая, пад гоман жоўтых сосен,
Пайшла, маўклівая, пад хваль жытнёвых шум,
Туды, дзе гойдала зялёнае калоссе
На сцежках ростані мой адзінокі сум.

Пайшла за ціхія, далёкія прасторы
Світальнай зоркай ты, што гасне ў сіняве.
Душы пакрыўджанай гарачыя дакоры
Слязой халоднаю застылі на траве.

Пайшла, пакінуўшы мне золкі і туманы,
Палынны жаль смугой ахутаных дарог,
Каб я хвілінны боль і горыч гэтай раны
Гадамі ў сэрцы заглушыць сваім не мог.

Пайшла, ніколі ўжо не вернешся, Алеся.
Бывай, смуглявая, каханая, бывай.
Стаю на ростанях былых, а з паднябесся
Самотным жаўранкам звініць і плача май.

Бывай, абуджаная ў сэрцы, дарагая.
Твой светлы вобраз панясу я па жыцці.
На ўсходзе дня майго заранка дагарае,
Каб позна вечарам на захадзе ўзысці.



Сярэдняя: 4.8 (12 галасоў)

Ты вернешся.
Ты вернешся яшчэ.
Я ведаю —
Вяртаецца заўсёды
Забойца
На ахвяру паглядзець,
Каб толькі потым
Зьнікнуць назаўсёды...



Яшчэ не ацэнена

Выплывае раніца
з берагоў начы.
Цемра сонцам раніцца,
нікне ў далячынь.

Вочы твае весняцца,
поўныя трывог.
Зарыпелі весніцы…
Малады мурог…

П’ём смугу крынічную –
прысмак гаркаты…
Месяц з зоркай-знічкаю –
я і ты.