Жыццё – манюка. Мне нічога ў ім не свеціць.
Вось паспрабую рэчаіснасць апісаць:
не пагаліўся – і завуць адразу трэцім
паддаць ля крамы пад заборыстае "...яць".
Купіў хацінку – а зямля абапал – крэйда –
ні жаць, ні сеяць, не гарод, не сенажаць.
Такі кашмар, дальбог, не сніўся нават Фрэйду:
няма мурогу, каб з каханай паляжаць.
І ў іншых справах недахват і невязуха.
У панядзелак перакрою ўсё ўнутры,
на лад настроюся, каб стаць адвязным зухам,
а звонку, бачу, – зноў лячу ў тартарары.
Хачу "Ферары", а скапіў пакуль на "Фэйры".
Пра Кіпр мару, а вару пусты кіпЕнь.
Заб'ю курЫцу – не магу абдзерці пер'е.
І так штотыдзень, уяўляеце, штодзень!
Ужо дайшоў, як чорны гумар да бландзінкі.
Знямог у немачы – нічога не магу!
Купіў уранні чаравікі – як з карцінкі,
а ўверач глянуў – два на левую нагу.
Пачаў лячыцца – у палаце надта цесна.
А аперацыю зрабілі – проста шык:
наркоз – агульны, а хірург, вядома ж, – месны.
Цяпер не ведаю, куды ён што прышыў.
Апошнім часам адпусціў даўгія пэйсы,
каб маладух улетку імі спакушаць.
А мне гавораць, што не выйшаў інтэрфэйсам.
Ды хоць і так! Затое добрая душа!
Пішу СЦІШАТЫ – прагну водкугаў, авацый.
Але і тут патолі, пэўна, не знайду.
Іду ў народ. А вам шчасліва заставацца –
каму на радасць, а каму і на бяду.
24.04.2014
шмат-шмат авацый, не горш чым
шмат-шмат авацый, не горш чым у Багушэвіча.