Барысу Забораву
З чужога неба дождж ілье чужы,
Блішчыць Дэфанс, прыгожы і няўтульны,
І прывід Эйфеля, як каравульны,
Разгублена стаіць сярод імжы.
І Нотр-Дам хавае вітражы,
А кантрафорсы ў Сене, як галеры,
Нясуць свае пачвары і хімеры –
Няўлоўныя, нібыта міражы.
Раптоўна ветрык хмарную шнуроўку
Разблытаў, і заззялі капяжы…
Але… Калі запросіш у вандроўку
Да самае апошняе мяжы,
Мой Божа, на імгненне пакажы,
Мне ціхую, старую Камароўку!..
2000