Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

ПАСТУШКОВА ШЧАСЦЕ

Сярэдняя: 3.5 (2 галасоў)

Міхаська рана застаўся без бацькі і, каб дапамагчы маці малодшых брацікаў гадаваць, згадзіўся пасвіць вясковых кароў і авечак. Нейкі заробак быў, гаспадары разлічваліся па дамове хто чым: хто бульбай, хто салам, ды і самога пастушка па чарзе кармілі. І свае Лысуха з Кучараўкай хадзілі ў статку. Статак быў не надта вялікі і хлопчык са сваімі абавязкамі спраўляўся добра. Хоць і не вельмі лёгка часам было, асабліва рана ўставаць, калі твае аднагодкі яшчэ соладка спяць. Альбо як часам зацягне неба восеньскі дождж-зануда. Аднак і прыгожых, сонечных дзянькоў хапала. Бывала палягуць кароўкі з авечачкамі, пачнуць жвачку жаваць, а ён адразу за кніжку ці сшытак, каб не адстаць ад сваіх аднакласнікаў у школе. І, трэба сказаць, не тое што не адставаў, а яшчэ й апярэджваў, хоць за статкам хадзіў аж да белых мух. А як скаціна на зіму па хлявах пастане, на пяцёрках каціўся, зрэдку чацвёркі праскоквалі. Казалі суседзі матулі:
– Зух твой пастух, – і, набожныя, дадавалі, – хай і надалей яго анёл-ахоўнік пасе.
І яшчэ Міхаська вольнай хвілінай вельмі любіў іграць на дудачцы, што ад бацькі, народнага ўмельца, яму засталася. Як заграе – птушкі заміраюць, а потым на матыў яго мелодыі падпяваць пачынаюць. Хлопчык і сам не ведаў, што яго дудачка мае чароўную моц. Як пачуюць яе ваўкі, ідучы на сваю злую справу, адразу спыняюцца і да Міхаськавага статка блізка падысці не смеюць, а потым у іншы бок бяруць накірунак. А час быў пасляваенны, ваўкоў па лясах было нямала. Калі ж дудачка маўчала, не раз здаралася: каля лесу каровы, пачуўшы ваўкоў, займалі кругавую абарону, апусціўшы рогі да зямлі, у сярэдзіне круга хавалі цялят і авечак...
Часта сніўся Міхаську бацька. А аднойчы прыснілася: падышоў ён да Лысухі і Кучараўкі, пагладзіў іх і штосьці сказаў ім. Можа, каб былі паслухмянымі і дапамагалі хлопчыку.
Неяк раз, прыгрэўшыся ля цяпельца, што, як жывая істота, лашчылася да рук, пастушок задрамаў. І прысніўся яму дзіўны сон. Быццам падышла да яго Лысуха і прамовіла чалавечым голасам: “Вясной я прывяду бычка з плямай на правым баку, якая будзе нагадваць карту краіны, дзе ты знойдзеш сваё шчасце.” А Кучараўка дадала: “Хай наша гаспадыня, твая маці, з маёй воўны спрадзе клубочак, ты вазьмі яго ў дарогу: ён да шчасця цябе прывядзе.” Прачнуўся Міхаська і ўбачыў, што Лысуха з Кучараўкай ля яго стаяць: адна рыкае, другая бляе. Ускочыў хлопчык, глядзіць: статак у калгаснай канюшыне апынуўся. Кінуўся яго выганяць, а тут брыгадзір па мянушцы Праблема пад’ехаў. Так яго ўдовы празвалі. Падыйдзе якая калгаснага каня папрасіць дроў прывесці, ці гарод узараць, а ён, вымагаючы хабару, кажа: “Гэта праблема...” Падбег Праблема да Міхаські, вырваў у яго з рук пугу і як сцёбне беднае дзіця па плячах. Ды тут як нейкі цуд адбыўся. Лысуха, якая дагэтуль ніколі не была бадлівай, рыкнула і, наставіўшы рогі, пайшла на брыгадзіра. Той замахаў на яе пугаў, закрычаў, але зразумеўшы, што карову гэтым не спыніць, кінуўся ўцякаць, ускочыў у вазок і толькі пыл закурыўся следам...
...Зараз Міхась Язэпавіч, чалавек паважанага ўзросту, вядомы вучоны, грамадзянін Аўстраліі, часта з замілаваннем успамінае свае дзіцячыя гады. Яго, як многіх іншых суайчыннікаў, лёс закінуў далёка ад радзімы. Але ён ніколі не забываў аб сваёй бацькаўшчыне, ліст за лістом, пасылку за пасылкай слаў сваім родным.
Калі ад’язджаў у далёкі свет, помнячы сон ля вогнішча, узяў з сабой спрадзены матуляй клубок. А яшчэ – бацькоўскую дудачку. І аднойчы да яго падышла маладая жанчына і сказала:
– Я дачулася, што Вы прывезлі з сабой клубок ваўняных нітак. Ці не маглі б Вы
прадаць яго мне, хачу звязаць сабе рукавіцы, каб у іх адчувалася цяпло айчыны...
Калі Міхась даведаўся, што гэта прыгажуня яго зямлячка, за дзесяць вёрстаў ад яго вёскі колісь пасвіла гусей, прамовіў:
– Прадаць не магу, а падараваць – з задавальненнем...
Так ён пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай, якая нарадзіла яму слаўных дзяцей. Вось такім чынам гэты клубочак Міхася да шчасця прывёў. Ужо яго ўнукі на прадзедавай дудачцы любяць пайграць.
І, як прыпамінае Міхась Язэпавіч, пляма на правым баку ў бычка, аб чым яму ў сне прадказвала Лысуха, сапраўды, ці не нагадвала карту Аўстраліі...