Iголкай стальной пацалунак
Прасоўвае подыху ніць.
Хто змог з прамянёў і карунак
Цябе далікатна стварыць?
Трымціць матылёк каля сківіц,
Азябла кранаецца губ...
Зіма – гэта мёртвы раўнівец,
Прысыпаны вапнаю труп.
Няпэўнай зіме і туману
Раскаянне рады не дасць,
Але мы ўваскрэсіць рахмана
Спрабуем пяшчоту і страсць.
Праз хіжасць калішніх застолляў,
Натугу карчомнай струны
З ільдзін берталетавай солі
Ў пачуцці ўзыходзяць яны.
I мы, каб расплавіць трывогу
Ў прадбачанні сцюжы чужой,
Як футрам, адно да другога
Кранаемся мяккай душой.