Мой час і край - маё мяно.
Я свой, я звыклы, я паўночны.
Паветра мерзлага віно
У келіх цемры лью сьвяточна.
Ня ў сытай цеплыні б сатлець
І не чакаць дурной пагоды -
І ў ценяў гушчы, і ў сьвятле
Душа шукае прахалоду -
Ня холад крохкіх ледзяшоў,
Але ж быцьця шчымлівы дотык...
Нашто, куды, адкуль я йшоў -
Ня так цікавіць ідыёта,
Як піць, зьмяшаўшы са сьлязой,
Віно паўночнага дыханьня,
Адчуць, як вецер, бы лязо,
Гуляе з шыяй хмельным раньнем.
...Калі ж упоперак храбта
Спаймаю ўдар быцьця апошні,
Паўночны папяловы птах
Пад неба ў кіпцях асьцярожна
Зьнясе мой прах.