Зраіліся ўспаміны на мяне,
Што нават ручніком не адагнаць іх!
Шчымяць на нашай грушы пчолы
ў мой
Маленства поўдзень –
Мне ужо дванаццаць.
Ад спёкі з языком на барадзе
У ліпені стаяў паджары поўдзень,
Калі сказала мама ўпершыню:
– Ну што, сынок,
Збірай прылады, пойдзем
У пчолы.
Ты ж цяпер мой гаспадар.
Як зараз помню –
Думаў я не доўга,
Хоць мой настрой адразу ж і упаў,
Ударыўшыся гулка аб падлогу!
Пасля нічога страшнага, прывык.
Свой дымакур заправіўшы да вечка,
У сетцы, бы ў скафандры,
Шчыраваў
Ля зорак-пчол
Старанны пчалавечак!
Сябры мае стракатыя
Праз тын
Здзіўлёнымі вачыма доўга тлелі.
Нярэдка у балельшчыкаў маіх
Ад мёду жываты пасля балелі!
А я ж пасля надзьмуўшыся хадзіў
Ад гонару
І – джал,
Што не міналі,
Што вечарам,
Зірнуўшы на мяне,
Са смеху падаць
Зоркі пачыналі!
Зраіліся ўспаміны на мяне:
Пчалее наш дзядзінец мёдаграем!
Няма больш пчол у нас.
Ці не па іх
І сохне наша груша не старая?!
1981