Перад Часам, нібы перад Богам,
Спавядаўся ва ўсім і ні ў чым.
Перад Ра, Кукульканам, Сварогам –
Перад боствам сваім і чужым.
Перад Богам, нібы перад Часам,
Спавядаўся за боль ад хлусні.
Перад ідалам і перад абразам –
Перад Небам на голай Зямлі.
Перад Верай, Надзеяй, Любоўю
Спавядаўся, не верачы сам.
Перад краем нямым у бязмоў’ю,
Перад мовай без краю, як храм.
Перад Часам, нібы перад Богам,
Перад Богам, не верачы сам…
Спавядаўся за край без дарогі,
Над якою цень твой пралятаў…