I пачынае зморвацца вада.
I гэта азначае блізкасць снегу.
Вадзе ўжо безуважна і шкада
Па корані ўзвышацца, падаць з неба.
Стамілася яна цячы і пець,
Струменіцца, блішчаць, пералівацца.
Карціць вадзе сцішэць і ашклянець,
I там, дзе залягла, там заставацца.
Пад нізкім небам з колерам свінца
Вада сівее і шарэе цьмяна.
Але яшчэ пачуцці да канца
Ёй служаць без падлогу і падману.
Ёй толькі давядзецца ледзянець
I ўжо не пець, а ледзянцом звінець.
Ну а пакуль – у свеце цішыня.
Тырчаць кустоў бязлісцевыя прэнты,
Ды бездараж канчаецца дашчэнту;
Падмерзла раздарожжа, як браня.
Вось-вось паваліць першы снег крэшчэнда...