Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Пераправа

Сярэдняя: 3.8 (20 галасоў)

Пераправа

Той чорны дзень тут мала хто прыпомніць,
Бо столькі год мінула з той пары.
І на магіле не лунае помнік,
І цішыня ля Сіняе Гары.

А з-за яе, з выццём і гулам грозным,
Нямецкі штурмавік тады ляцеў.
Дзятва ад куль хавалася ў барозны,
А хто - ў акопы... Кожны жыць хацеў.

Пілот жа той стараўся бомбы скінуць
На пераправу, танкі дзе ішлі,
Каб ад яе і следу не пакінуць
Ні на вадзе, ні нават на зямлі.

Часовы мост сапёры будавалі,
Спілоўваючы дрэвы нахаду,
І ў шахматным парадку мацавалі,
Спускаючы іх з берага ў ваду.

Ён з кулямёта біў па тых салдатах,
Якія пераправу ўзвялі.
Затым, па вёсцы Руднікі, па хатах,
Па людзях, што ў акопах заляглі...

...Пад вечар дзед Сцяпан зайшоў к суседу,
На лаву сеў, зняў шапку, выцер пот.
Сказаў:
-Прабач за сумную бяседу,
Не дай Бог зведаць гэтакіх турбот.

Нарэшце пахаваў каля дарогі
Тых, маладзенькіх, чатырох салдат.
Збіраў ля пераправы рукі, ногі –
Настолькі іх пасек фашысцкі гад.

Дзяўчынку, разам з імі, маладую –
Ці сувязістка, можа, ці сапёр –
Паклаў таксама у магілу тую,
Дзе лесу край, зялёных дрэў шацёр.

Ну што ж – вайна... Ды, каб яна прапала,
Што маладыя гінуць без пары...
...Са зморшчанай шчакі сляза ўпала,
Нібы жывіцы кропля ўніз, з кары.

Сцёр рукавом слязу, сабраўся з духам
І ў роспачы адно рукой махнуў.
Прамовіў:
-Хай зямля ім будзе пухам!..
І, галаву схіліўшы, уздыхнуў.

...З тае пары гадоў прайшло багата,
І ўсё ж, сярод усіх святочных дат,
Дзень Перамогі нам - Святая дата!
Прыпомні ўсіх загінуўшых салдат!

Спытаеце, чаму, адклаўшы справы,
Я эпізод вось гэты прыгадаў?
Бо кожны, з тых салдат ля пераправы,
Каб мы жылі, жыццё сваё аддаў!

Дзмітрый Краскоўскі (п.Івянец)