Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Апошнія водгукі

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Дзмітрый Краскоўскі

Сярэдняя: 4.8 (9 галасоў)

Пра мову спрэчкі весці нам не трэба,
Бо так ужо заведзена здаўна,
Святыя словы - Хлеб, Матуля, Неба -
Нібы малітву, нам дае яна.

І брыдкіх слоў не знойдзеш у нашай мове,
Шукаць – калі не верыце – дарма,
Такіх вы не пачуеце ў размове –
У беларускай, проста, іх няма.

Ёсць дзесьці мовы лепшыя? Не верце!
Хоць сто краін вам прыйдзецца прайсці,
Але за беларускую – паверце -
У свеце мілагучней не знайсці.

Дзмітрый Краскоўскі (п.Івянец)



Сярэдняя: 3.8 (8 галасоў)

Няма цяпла ўжо – восень… І начамі,
Пачалі падаць яблыкі ў расу…
Саспелі значыць, раз упалі самі.
А я так спадзяваўся – абтрасу!

А падаюць, то гук падобны дужа –
Хоць, мо, здалося проста толькі мне…
З чым параўнаць?.. Напэўна з тым, як мужа,
П”янога, лупіць жонка па спіне.

Дзмітрый Краскоўскі (п.Івянец,Валожынскі раён)



Сярэдняя: 4.6 (5 галасоў)

У кабінет, перад нарадай,
К дырэктару пастукаў дзед:
-Прыйшоў да вас я за парадай –
Машыну ўзяць каб у абед.

Травы прывезці трэба з луга,
А воз няспраўны – хоць крычы…
Дырэктар: “З гэтым зараз туга,
Але ў абед, як ўначы –

Машыны будуць усё роўна
Стаяць без справы. Можна даць!
У бугалтэрыі, галоўна,
Вам трэба выпіску ўзяць”.

Дзед выпісаў машыну, потым
З канторы выйшаў пакурыць…
Стаяць шафёры каля плоту –
Пачалі галаву дурыць.

Ды так старанна – твары ззялі:
-Машыну выпісаў? Дарма…
Квітанцыю ў дзеда ўзялі:
-А пра шафёра тут няма!

Нагналі страху на старога:
-Ды як ты будзеш кіраваць?
Не маеш праў! А з гэтым строга!
Чуць што – а як рамантаваць?!

Ідзі к дырэктару, прасіся!
Мо і паслухае цябе.
З машынай гора наясіся
І жонка дома задзяўбе.

На чым ты ездзіў – ровар з гумай
І то, мо, на адной назе?!
Машына, то ж не конь – падумай,
Яна сама не павязе.

Канца нарады дачакаўся,
Дзед ўсунуў ў дзверы галаву:
-Прабач, дырэктарка – прызнаўся -
На ёй мне цяжка па траву…

І рулявое моцна грае,
І нешта задні мост пяе…
Хоць шчэ машына не старая,
Сказалі хлопцы пра яе:

Траіць матор, скрыпяць калёсы,
Не свецяць нейкія агні…
У возе каб былі атосы –
Дальбог, павёз бы на кані!

Мяне, дырэктарка, паслухай!
Няма правоў… Ды ўжо стары…
Каб маладзейшы, ды “пад мухай”
Мо й ссунуўся б з якой гары.

Нарэшце ставіць ён адзнаку:
-З матора нешта там цячэ…
Машыну выпісалі – дзякуй!
Шафёра б выпісаць яшчэ…

Дзмітрый Краскоўскі (п.Івянец,Валожынскі раён)



Сярэдняя: 5 (3 галасоў)

Было гэта ў часы Саюза,
Як нарыхтоўкі дроў ішлі…
Сябры на лоб шукалі гуза –
Вядома, што яго знайшлі!

А працавалі ў спецбрыгадзе:
Лесхоз лес валіць дзень пры дні,
Яны ж пасля, па спецзагадзе
Звычайна, рвалі толам пні.

Каб на расчышчаных палянах
Праз год, а можа і праз два,
Як прадугледжвалася ў планах,
Раслі там дрэвы і трава.

Рабочы дзень як завяршаўся,
Брыгада ехала дамоў…
Мікола памагаць стараўся
І сваяку прывозіў дроў.

Бо той дзядок – старэнькі, хворы,
Меў сад і вуллі пчол трымаў,
Сядзеў на лаўцы, віў аборы,
Але часцей за ўсё драмаў.

Хаця было ў дзеда хобі:
Меў невялічкі агрэгат…
Калі няўцям якой асобе –
Меў самагонны апарат.

Пасярод пушчы хутар дзедаў –
Міліцыі не да яго…
Хто толькі ў дзеда не абедаў -
Пакаштаваў пяршак яго.

Мікола, як сваяк, вядома,
Таксама часта тут бываў.
Усё зрабіўшы каля дома,
Пяршак таксама спрабаваў.

Сказаў аднойчы дзед: - Мікола!
Я ў садзе грушу спілаваў.
З камля зраблю да воза кола,
А пень вось… Як ні карчаваў

Не удаецца, каб ён згінуў,
Дастаць, праклятага, з зямлі.
Каб я з натугі не загінуў,
Вы б, можа, хлопцы, памаглі.

Мікола дзеду: -Што раз плюнуць.
Бутэльку дзед гатуй тады!
Пад пень той пару шашак сунуць –
Не будзеш болей мець бяды.

Назаўтра, як пасля работы
Брыгада ехала дамоў,
Заехалі да дзеда. Што ты!
Не стол, а цэнтр перамоў!

Чаго там толькі не хапала:
І агуркі, і каўбаса,
І мёд… А пасярод стаяла
Бутэлька! З водкай, як раса!

Сябры рашылі перш паесці
І, ясна, выпіць па сто грам…
Мікола ўсім сказаў не лезці,
Бо ўсё, што трэба, зробіць сам.

Пад пень падсунуў шашак пару…
Пасля яшчэ… І пару зноў…
Апаражніць каб толькі тару –
Не везці ж іх цяпер дамоў.

Затым, каманду даў схавацца
Усім за хату ці за хлеў.
Ля пня і сам не мог застацца,
Бо ўжо бікфордаў шнур гарэў.

Калі рванула – з вокнаў хаты
Павылятала шкло ўсё…
Сабака ў будцы выў кудлаты,
Ў хляве віжчэла парасё…

Для дзеда, ясна, гэта драма!
Вуллі, без пчол, стаяць адны,
А дзе быў пень – такая яма,
Як пасля атамнай вайны!

Стары ля хаты лямантуе:
-А Божа! Гэта ж метраў пяць!
Засыпаць яму каб такую
Дык трактар трэба мне наняць.

Мікола дзеду: -Яму маеш!..
І выдаў лепшую з залеп:
-Ты не крычы. Чуць падраўняеш…
Накрыеш… Добры будзе склеп!

Дзмітрый Краскоўскі (п.Івянец)