А першы лёд пад снегу млівам
Трашчыць, як здрадлівы агонь...
Дачка ступае палахліва,
Спрабуе моц яго нагой.
Твой першы лёд — пакуль пачатак
Дарогі цяжкай у жыцці.
О, колькі слізганак, пячатак
Табе прайсці — не абысці.
Твой дзед прайшоў праз лёд блакады,
Калі ў знямозе Ленінград
Збіваў варожыя накаты,
Хоць і шалеў асколкаў град.
Ты помні гэта... Супадзення
He прынясе гарачы лёд.
I ведай: з горычы падзення
Пачатак свой бярэ палёт.
I каб пазнаць пад гнуткім лёдам,
Дзе — глыбіня, а дзе — мялей,
Хай будзе сэрца тваім лотам,
I ты ў жыцці ступай смялей.
Хто мужны, смелы, не баіцца
Ў стрэчнай замяці нягод
Упасці, збочыць, памыліцца,
Таго мацней трымае лёд.