Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Апошнія водгукі

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Першы суд

Сярэдняя: 5 (2 галасоў)

ПЕРШЫ СУД

Сярод аблокаў, пухлых, што абсцэс,
Ахутаных сунiчным промнем сонца,
Цягнуўся абыякавы працэс,
Як нiтку праля цягне з верацёнца.

На лаве абгароджанай сядзеў
Падсудны пад аховай дужых збiраў,
I пазiраў па наваколлях, дзе
Аблокi пахлi на манер пламбiра.

Нябесны зал быў поўны гледачоў
У белых рызах, прыляцелых з раю,
А на галёрцы ў масках крумкачоў
Бурлiла з пекла выпаўзлая зграя.

Карэспандэнты разнастайных СМI
Прысутнiчалi: «Голас запавета»,
«Пякельны веснiк», «Жыд-антысемiт»
I «Новая паскудная газета».

Суддзя аловак грыфельны вастрыў,
Каб нагандзюрыць у свае скрыжалi,
Хто гэты свет па Бiблii стварыў:
Шэсць лiтар; дваццаць два па вертыкалi.

Грымеў прамовай гучнай пракурор,
Што суд павiнен пакараць злачынца,
Бо той на брата апусцiў тапор,
Парушыўшы недатыкальны прынцып.

Што ж гэта будзе, калi кожны з нас
Пачне блiжэйшых падымаць на вiлы?
Тады мы ў самы карацейшы час
Паскочваемся на ступень гарылы!

Падсуднага патрэбна пакараць,
Каб чалавецтву не было панадна
Людскiм жыццём няўрымслiва iграць,
Яго выкарыстоўваючы ўладна.

Таму падсудны Каiн бен-Адам
Належыць смерцi прагнай i вялiкай
За тое, што, мессiры i мадам,
На Божы шосты напляваў артыкул!

Запiсвалi прамову на хаду
Алоўкамi ў блакнотах папараццы,
Нябесны карнiк прад’явiў суду
Свой iнструмент для шыйных ампутацый.

Струменiлiся дробныя цуркi
З лiлова-чорнай навальнiчнай хмары
На крэслы, дзе тулiлiся бацькi
Забойцы i ягонага ахвяры.

Сярод працэсуальнай мiтуснi
Раскланьваўся абвiнаваўца бойкi,
I Ева прыкрывала ступянi,
Хаваючы стаптаныя набойкi.

Рэдактар «Адпушчальнага казла»
Ў нядзельны нумар чыркаў справаздачу,
Пракiслыя плады дабра i зла
Мясiлiся ў кашы для перадачы.

З ахоўным словам выйшаў адвакат
I падтрымаў прамову пракурора,
Бо гэты Каiн, амаральны гад,
Не варты жыць, а варты прыгавора!

– Таксама патрабую смерцi я,
Каб грамада нябесная зазнала,
Што ў шосты дзень заблытаўся Суддзя
I наўзамен сябе зрабiў вандала.

Ён абвясцiў, што будзе чалавек
Ягоным блiзнюком i падабенствам,
А што мы бачым? Аўстралапiтэк
Да чалавека тычыцца шаленствам.

Не, толькi смерць! Я ўжо падрыхтаваў
Для Каiна цудоўныя патэльнi,
Каб ён сваiм жыццём не ганьбаваў
I не запэцкваў гэты свет скудзельны.

Я спадзяюся, што тады Ўладар
Не замарудзiць адысцi ў адстаўку,
А то пачнецца вечны гармiдар,
Што ён за трон схапiўся, нiбы п’яўка.

Але раптоўна сцiхла, як на жаль,
Бо адвакату ў гаерскую морду
Ўляцела вапняковая скрыжаль
Са злёгку недарэшаным красвордам.

– Маўчы, падлюга! – выгукнуў Гасподзь. –
Я не стварыў нiякае памылкi!
Каб пагалоскi разам пабароць,
Забойцу прыгаворваю да ссылкi.

– Вялiкi дзякуй, – мовiў Цемры Сын,
Страсаючы пясчаныя абломкi, –
За тое, што на вечныя часы
Ўсе людзi – гэта Каiна патомкi.