Я зноўку часінай самотнаю, ціхай
Бяру цябе ў рукі, гарну да грудзей,
Баян мой, найлепшы мой сябар з дзяцінства,
Не здраджваў ты мне аніколі нідзе.
Вялікую сілу чароўную маеш.
У горане быццам агонь залаты,
Святыя пачуцці ў душы раздзімаеш
Сваімі мяхамі кавальскімі ты.
Узрушваеш музыкай часта касмічнай, –
Як зорачкі, кнопкі твае, мой баян.
Бывае журчыш, як у лузе крынічка,
А часам ракочаш, нібы акіян.
Табе, як жаданаму госцю, ўсе рады
Усюды і ў горадзе, і на сяле.
З табою яскравей народныя святы,
Вяселлі й хрысціны з табой весялей…
Я зноўку часінай самотнаю, ціхай
Бяру цябе ў рукі, гарну да грудзей,
Баян мой, найлепшы мой сябар з дзяцінства,
Не здрадзіш ты мне аніколі нідзе.