Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Песняй толькі

Сярэдняя: 4.4 (7 галасоў)

Песняй толькі на свеце жыву я,
Праз яе тапчу толькі расу;
Пасцігаю, як ёй запаную,
Недасціглую быту красу.

Са святламі бязмежна ўсясвету,
Як святло сам, лунае мой дух;
Аглядаю міры, як у сне тым,
І жыццё абымаю ўвакруг.

Над душамі, што шчасця даўно весць
Загубілі з адвечных нягод,
Я тварыў бы нягадану повесць
Вечных радасцей, вечных яснот.

Перуны залатыя хапаў бы,
Што у хмарах бушуюць агнём,
I страламі народны дух слабы
Развагняў, патрасаў бы, як гром.

Млечны Шлях, што нябесны дзядзінец
Засцілае, я б зняў на зямлю
I масціў бы ім новы гасцінец
Цераз родную ніву сваю.

Сонца ўзяўшы агністае ў рукі,
Што гарыць над бязмерам палёў,
Я па Млечным тым Шляху без мукі
Чалавека да шчасця бы вёў.

Гэтак песняй мой дух маладзіцца,
I на свеце жыву толькі ёй,
Хоць пішу кроўю гэты страніцы,
З свайго сэрца гарачай крывёй.