Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

1913

Сярэдняя: 4.6 (382 галасоў)

Iзноў пабачыў я сялібы,
Дзе леты першыя прайшлі:
Там сцены мохам параслі,
Вясёлкай адлівалі шыбы.
Усё ў пылу. I стала мне
Так сумна, сумна ў цішыне.
Я ў сад пайшоў... Усё глуха, дзіка,
Усё травою зарасло.
Няма таго, што раньш было,
I толькі надпіс “Вераніка”,
На ліпе ўрэзаны ў кары,
Казаў вачам аб тэй пары.
Расці, ўзмацовывайся, дрэва,
Як манумент жывы, ўставай
I к небу надпіс падымай.
Хай нерухомы словы спева:
Чым болі сходзіць дзён, начэй,
Тым імя мілае вышэй.



Яшчэ не ацэнена

    ...А ты, сіраціна, жыві,
Як ветрам лісток адарваны, –
    Ні месца табе на зямлі,
Ні радасці з песень жаданай,
 
    Нясі сваю ношку жыцця
Між наспаў-курганаў магільных,
    Без веры ў свой цэль, без пуцця,
Расплаканы ў жальбах бяссільных.
 
    Як цень з таго свету, ідзі,
Не знаючы ў долі сірочай
    Ні сэрца з дзявочай грудзі,
Ні сонечнай ласкі дзявочай.
 
    Жыві і сні сны аб вясне,
Ды думай адно, сіраціна.
    Што нават ніхто не ўздыхне
Калісь над тваёй дамавінай.



Сярэдняя: 4.7 (78 галасоў)

Так цёпла цэлы дзень было,
Што дзед - i той сьцягнуся зь печы,
Ля рэчкi сеў, дзе больш пякло,
I грэў пад старай сьвiткай плечы.

Сiнеўся бор, цякла вада,
Скрозь пахла мёдам i травою...
А дзеду нат i не шкада,
Што хутка будзе ён зямлёю.



Сярэдняя: 4.9 (14 галасоў)

Як нябеснае згасне за лесам святло,
А ноч крылле распусціць па ўсёй Беларусі,
Штось мне шэпча: ідзі! Я іду за сяло
I на ўзгорку пад крыжам паклонным саджуся.

Счараваны вячэрняй глухой цішыной,
Прыслухаюся шэпту далінаў і гораў;
Недзе-недзе губляюцца нікла са мной
Задуманыя вочы ў нязгледным прасторы.

Тонуць думы ў спакоі трывожна-святым,
Над зямлёй расплываюцца з сумнай цямрыцай
Аж да высі, што макам мігціць залатым –
Мільёнамі зор без канца, без граніцы.

Ночна-сонная даль мае мову сваю,
Былі з'яўныя шорахам тайным складае,
Песню з небам снуе – праслаўляе зямлю;
Ў песню лучыцца гэту душа маладая.

Аб квяцістым зямнога жыцця харастве,
Аб праменнях, што долю галубяць людскую,
I аб з сілай благою пабеднай бітве
Чую голас прарочы і ў думках мяркую...

Гледзячы, як загон наш калоссямі спеў,
А сявец яго радасна з сонцам сваіўся,
Песню далі і неба таксама я пеў,
А калі?.. Знаць, тады, як яшчэ не радзіўся!..