Пляжныя прыпеўкі
Пляшку да пяску нясіце!
Да вады нясі яе!
Бераг з возерам для смецця –
урна жоўта-сіняя!
***
Пляшачак пананасіўшы,
дно зрабілі звалкаю –
шкло купальшчыкаў казыча
пад вадой русалкаю.
***
Хочацца адсюль, дзе мелка,
веславаць рукамі нам…
Цягне пад ваду гарэлка
нас нябачным каменем.
***
Водарасцевыя сеткі
за буйком раскінулі.
За яго заплыўшы, дзеткі
ледзьве не загінулі.
***
Выпіў чарку. Акунуўся…
Не відаць “умелага”,
што ад аднаго імкнуўся
да другога берага.
***
Падае ў ваду дзіцятка.
Дзе рука дарослага?!
Вадалаз дастаў – не татка –
з вадаёма грознага.
***
З вадаёма паднялася
лапа веліканава.
Даставалі вадалазы
велікана п’янага.