Падымайся ранюсенька,
Да зары, да зары,
Пойдзем сцежкай, Ганусенька,
У бары,
гушчары.
Пахнуць раніцай хораша
Верасы, верасы.
Лезуць плюсы-заморышы
Ля лазы
з дзеразы.
Асыпаюць арэшыны
Арахі, арахі.
Цішынёю завешаны
Бор сухі,
лес глухі.
Мабыць, рэха адбілася
Ад людзей, ад людзей,
Недзе ў пушчы згубілася,
Блудзіць дзесь
без надзей.
Уставай жа ранюсенька —
Кліча шлях, кліча шлях.
Пойдзем разам, Ганусенька,
Па барах,
гушчарах.
Пойдзем рэха шукаць,
Град арэхаў збіраць,
Дні юнацтва гукаць...