Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Міхась Калачынскі

Нарадзіўся 12 студзеня 1917 г. у гарадскім пасёлку Крупкі Менскай вобласці ў сялянскай сям'і. У 1934 г. скончыў Крупскую сярэднюю школу і пачаў працаваць у мястэчку Бобр старшым піянерважатым, потым літработнікам у крупскай раённай газеце «Камуністычны шлях».

Скончыў курсы пры Камуністычным інстытуце журналістыкі імя С.М.Кірава ў Менску (1936), у 1937-1938 гг. быў адказным сакратаром рэдакцыі газеты «Літаратура і мастацтва». У 1938-1953 гг. — у Савецкай Арміі. Удзельнік савецка-фінляндскай вайны 1939-1940 гг., у Вялікую Айчынную вайну — армейскі журналіст на Закаўказскім, Стэпавым, 2-м і 3-м Украінскіх франтах. У пасляваенныя гады працаваў спецкарэспандэнтам акруговай ваеннай газеты «Защитник Родины» (Адэса, 1945-1947), літаратурным сакратаром газеты Беларускай ваеннай акругі «Во славу Родины» (Менск, 1947-1953). Пасля дэмабілізацыі прызначаны галоўным рэдактарам альманаха «Советская Отчизна». З 1954 г. — адказны сакратар, а з 1958 г. — намеснік старшыні праўлення СП БССР. У 1960-1978 гг. — галоўны рэдактар часопіса «Беларусь». У складзе дэлегацыі БССР у 1971 г. удзельнічаў у рабоце XXVI сесіі Генеральнай Асамблеі ААН.

Першы верш апублікаваў у 1932 г. (часопіс «Іскры Ільіча»). У даваенны час выдаў паэмы для дзяцей «Косця-чэкіст» (1938) і «Пакет» (1940). Рукапіс зборніка вершаў «На Выбаргскай дарозе» згарэў у час вайны ў Менску. Пасля вайны выйшлі зборнікі паэзіі «Сонца ў блакіце» (1949), «У вялікім паходзе» (1952), «Прыпар» (1956), «Сосны і дзюны» (1960), «Гронка рабіны» (выбранае, 1964), «Паясы» (1968), «За палямі, за лясамі» (1969), «Докшыцкі каравай» (1974), «Кніга дружбы» (1975), «Суквецце» (выбранае, 1977), «Ля берагоў запаветных» (1983). Аўтар кніжак паэзіі для дзяцей «Насустрач жыццю» (1951), «На лясным паўстанку» (1955), «Прыгоды Патапкі» (1958), «Лясныя казкі» (1967), «Мая мазаіка» (1971), «Рэха зямлі» (1978), «Снежная казка» (паэма, 1986). У 1971 г. і ў 1982 г. выйшлі Выбраныя творы ў 2 тамах. Шэраг вершаў пакладзены на музыку.

Перакладаў творы расейскіх, украінскіх, летувіскіх, балгарскіх і мангольскіх паэтаў.

Сябра СП СССР з 1940 г. Узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, Дружбы народаў, двума ордэнамі Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны II ступені і «Знак Пашаны», медалямі. Заслужаны работнік культуры БССР (1974).



Сярэдняя: 3.8 (12 галасоў)

Вуліцы... Вуліцы...
Як летуценні,
Поперак сходзяцца,
Цягнуцца ўдоўж.
Выгляне сонца — асфальт замігцее.
Грымне грамок — скача чэчаццю дождж.

Гром я люблю,
Гром вясны, а не войнаў,
Болей жа — ціхіх світанкаў спакой.
Рана прачнуўся.
Іду ля падвойных,
Сонных на ніжніх паверхах акон.

Безлюдзь у горадзе.
Пуста,
Пакуль ён
Гоман прыцішыў — да галаска.
Плошчы за лейцы ўчапіліся вуліц,
Сціснулі лейцы ў сваіх кулаках.

Добра на вуліцах марыць аб нечым.
З марамі крочыць
Намнога лягчэй.
Мары ад дому вядуць на сустрэчу.
З кім?
Можа з позіркам мілых вачэй?

Раніцай бачыцца люба з вачамі,
Сонцам,
Людскою турботай зямной,
Выйшаў я ў горад.
Маршрут мой звычайны
Зычыць сустрэчы са славай самой.

Першы на вуліцы Янкі Купалы
Спыніць Купала,
На Горкага дзесь
Горкі заокае — шчыра спаткаю
Двух пабрацімаў я, ўзрушаны ўвесь.

Трохі прайду
I, напэўна, яшчэ з кім
Зблізку пабачуся.
Веру: якраз
Пройдзе на зорцы бульварам
Шаўчэнкі
З думай сваёй неўміручы Тарас.

Блізка адсюль —
Мог дастаць бы рукою! —
Вуліцы ў шуме прысад маладых,
Дзе з Чарнышэўскім страчаецца Колас,
З Чорным —
Максім Багдановіч заўжды.

Вабяць сустрэчы,
Куды ні пайду я.
З вуліц абжытых, адкрытых вясне,
I Маякоўскі,
I дзядзька Бядуля
Рукі ўрачыста працягваюць мне.

Мінск — дружалюбны.
Я гэта, між іншым,
Бачу на факце шмат вёсен і зім;
Чэхаў, Талстой, Дабралюбаў, Радзішчаў,
Вуліцы ўзяўшы, зрадніліся з ім.

Век я пра славу сусветную мрою
Мінска, што стужкамі вуліц звязаў
Славу паэтаў з бяссмерцем герояў —
Грозных падпольшчыкаў і партызан.

Мужных прыгадваю і ў завяршэнне
Думы прыспешаю, з імі — хаду.
З вуліцы Веры Харужай да Варвашэні,
Да Смалячкова на хвілю зайду.

Час і вяртацца.
Пад сонейкам светлым
Стаў я, дзіўлюся,
Як людзі цякуць,
Быццам віры,
Ільічовым праспектам
Скуль усе вуліцы славу бяруць.



Сярэдняя: 3.4 (5 галасоў)

Па гэтай зямлі ўрачыстай
Хадзілі, як лярвы, яны;
Кляліся ня здраджваць раз трыста...
О, чорныя здані вайны!

Паслухай у гневе, радзіма,
Узняўшы над гадамі меч, —
Наш Горкі задушаны імі...
Смяротнай будзь, кара, за смерць!

Яны рыхтавалі нам астму,
Таемныя колбы атрут.
Паны, дакаціліся?! Баста!
Народ вам свой піша прысуд.

Усіх вас, і "левых", і "правых"
З зямлі бальшавіцкай сатрэ
Народная наша расправа —
Расстрэл!



Сярэдняя: 5 (2 галасоў)
Падымайся ранюсенька,
Да зары, да зары,
Пойдзем сцежкай, Ганусенька,
У бары,
       гушчары.

Пахнуць раніцай хораша 
Верасы, верасы. 
Лезуць плюсы-заморышы 
Ля лазы
         з дзеразы.

Асыпаюць арэшыны 
Арахі, арахі. 
Цішынёю завешаны 
Бор сухі,
             лес глухі.

Мабыць, рэха адбілася 
Ад людзей, ад людзей, 
Недзе ў пушчы згубілася, 
Блудзіць дзесь
                         без надзей.

Уставай жа ранюсенька — 
Кліча шлях, кліча шлях. 
Пойдзем разам, Ганусенька, 
Па барах,
               гушчарах.

Пойдзем рэха шукаць, 
Град арэхаў збіраць, 
Дні юнацтва гукаць...