Квітнее буквіц родны першацвет,
Нягледзячы на холад і прынуку.
Радкі як шлях – накшталт старога бруку –
Між забабонаў, прымхаў і прыкмет.
Мы ў гэты каламутна-творчы свет
Прыйшлі адтуль, з вытокаў кнігадруку.
Святло нам даў і добрую навуку
Скарынаў старадаўні запавет.
Набатам б’е і ў наш няўцямны час
Наказ, нібыта пісаны для нас:
Каб шанавалі мы свае вуллі
І ведалі святыя радаводы…
Асвета – соль бацькоўскае зямлі,
Падмурак нашай будучай свабоды!
2001