Сярод высокай травы і красак
вядзе мяне маці
па поплаве
Гэта смолкі,
паказвае яна.
А гэта зязюльчыны слёзкі.
А вось гэта — ястрэц.
А ў той кветкі няма назвы,
бо яна —
кветка твайго лёсу і
ты сам назавеш яе,
калі вырасцеш.
Гуляе па поплаве вецер,
Боязна мне:
а раптам,
пакуль вырасту,
скосяць кветку і не паспею
даць ёй наймення?
Маўчыць маці.
Мацнее вецер.
Стаю самотны
на сенажаці.