ВЯСНА
Вясна прыходзіць праз гуканне
На добры, шчодры Вялікдзень.
І адчувае зноў каханне
Нават стары, трухлявы пень.
Салодка клён з бярозай плачуць,
Свяжэе колер амялы,
Гракі ды галкі гнёзды ладзяць -
Зімовы сон сыйшоў з зямлі.
У палісадзе кіпень бэзу,
У садзе яблынь белы дым.
Па кветках пчолкі, як гарэзы,
Снуюць сабе туды-сюды.
ЛЕТА
Плывуць вянкі па ціхай рэчцы
Купальскай ночкаю малой
Насустрач сонцу, што смяецца
І грае дзіўнаю красой.
Вакол лугі расой іскрацца,
Цалуюць кветкі матылькі,
Палі са збожжам каласяцца,
Чаруюць вочы васількі.
Звіняць крыніцы, як цымбалы,
Звіняць даёнкі малаком,
Звіняць лясы птушыным балем,
І… камары звіняць наўкол.
ВОСЕНЬ
Бягуць да школ сваіх падлеткі –
Прыйшла вучэбная пара.
Сабрана збажына з палеткаў –
«Багач» прыходзіць да двара.
Заціх птушыны баль у лесе,
А шэпат лісцяў змоўк зусім.
І, быццам хмара з паднябесся,
Лягла над возерам лясным.
Дыван стракаты пад нагамі
Накрыў пажухлую траву,
А пні апенькамі – грыбамі
Прыбраны. Казка наяву!
ЗІМА
Красуе ёлка, быццам пава:
Калядаў свята, Новы год!
Старым, малым – усім забава,
Ўсе разам водзяць карагод.
Люблю зімовае надвор’е
І снег калючы завірух.
Мароз гартуе нам здароўе,
Крыві заводзіць свежы рух.
І, як казаў вялікі Пушкін,
Жыцця я прагну зноў і зноў,
А, датыкнуўшыся падушкі,
Дзіцячым засынаю сном.