Нарог сумуе па раллі,
Паэт – па вёсцы родненькай.
Амаль дашчэнту задзяўблі
Паэзіяй гаротненькай!
Цячэ сляза, займае дух:
Ад глебы адарваныя,
Шкадуюць, трое з кожных двух,
Што гоні не ўзараныя.
Прыцішце голасу імпэт,
Аратары старанныя,
Мо скажа пра сябе паэт:
“Араты рэстаранны я?!”
Ды не, ізноў пра родны кут,
Пра вёску – тэма першая.
Як адмысловы род пакут
Чытаю тыя вершы я.
Паэты, соль маёй зямлі,
Дзе ж вашы хаты матчыны?
Уласнаручна аддалі
На лецішчы для дачнікаў?!
А сёння з гарадской страхі
Вы страты нам прарочыце,
Страфой нястрымнай, ад сахі,
Старанна страхі строчыце.
А я з маленства без зямлі,
Бо нарадзіўся ў горадзе.
Не назаляюць мазалі –
Аб чым пісаць?
Во гора дзе!..
2000