Пракалоў камарык ножку
Аб паломаную дошку.
Нясе маці сына ў хату,
Дастае бінты і вату.
— Куды ж цябе ліха нанесла?
Ну сядай, сынок, у крэсла!
Будзем ножку бінтаваць,
Рану ёдам заліваць.
Слёзы коцяцца па твары,
Плача, войкае камарык,
Аж рагочуць каля хаты
Камарыкі-камараты:
— Вытры слёзы, памаўчы,
Больш па дошцы не скачы!
Выцер носік, выцер тварык,
Заікаецца камарык:
— Вось як ножку залячу,
Насміхацца адвучу.