Пражская друкарня
Да 500-годдзя з часу выдання Ф. Скарынам Бібліі ў Празе
Няпроста надта – выдаць кнігу:
патрэбны значныя выдаткі,
патрэбна, каб расла паціху
гара з манетак мецэнацкіх.
Станкі, папера – дарагія.
Шрыфты не танныя ды фарбы.
Хто грошы выдзеліць такія,
каб са станком першадрукар быў?
Скарыну мецэнаты Онкаў,
Астрожскі, Бабіч падтрымалі –
і вось, старонку за старонкай,
ствараюць Біблію ў друкарні.
У Празе Біблію друкуюць,
ды не на канфесійнай мове,
не традыцыйную – другую
ствараюць тут для вас, панове.
На беларускай – той, якую
люд паспаліты разумее, –
у Празе Біблію друкуюць
для ўсіх вас, хто чытаць умее.
Пайшлі на пражскую друкарню
нядарма значныя выдаткі,
бо ў кніг гару ператвараюць
гару з манетак мецэнацкіх.