Прыезд пана Дамбавецкага ў Бердаўку
У канцы XIX-пачатку XX стагоддзя маёнткам Бердаўка Лідскага павета валодаў Аляксандр Дамбавецкі, вядомая на той час асоба ў царскай Расіі, пэўны час быў магілёўскім губернатарам, членам Сената.
Зноў з мяшочкам, а не з мехам
ледзянцоў, салодкіх надта,
пан у Бердаўку прыехаў,
магілёўскі губернатар.
Выкраіў заняты пан час
у маёнтку пабываць.
Бердаўскія дзеткі танчаць,
каб ласункі атрымаць.
Дамбавецкі ім бадзёра
кажа: “Брава! Малайцы!”
Для маленькіх для танцораў
ёсць у пана ледзянцы.
Дзякуюць малыя пану,
смокчуць пеўнікаў цукровых.
Позіркам на дзетак глянуў
ён пяшчотным – не суровым.
Як апошнюю цукерку
сунула дзіцятка ў рот,
заглянуў пан у цагельню,
заглянуў на спіртзавод.
Бачыць ён, што працы вір тут
не спыняе віраваць –
цешаць пана рэчкі спірту,
што ў цагляных берагах.