Неадменным, неаглядным, недасяжным
Золкам ад лагчыны басанож,
Ў хусьце зрэбнае убраная, бязважка
Па расе ступала Прыгажосьць.
У вышынь санліва-безгалосую
Заплятала жаўруковы сьпеў.
Васільковаю сінечаю прарочыла
Шчодры на пагоду дзень.
Паміж ліпамі прыкмеціўшы ўсьміхалася
На постаці падзеленых бажніц:
І каталікі, і праваслаўныя,
Вы ж ваду п’яце з адных крыніц.
У смолі чорнае змарнелых хатаў
Зьніштажала ўрокі варажбы,
Як пладзіла ў гнёздах бусьлянятаў,
Як выпроствала заломы на мяжы.
Даланёю ахінала струджаных
Перадранішні, апошні, сон,
Гэтак некалі харугвы харалужныя
Бласлаўляла ворагу на скон.
...Верная даўнейшай завядзёнцы
Ад вякоў пачатку скрозь
Перш за водбліскі вазёраў сонца
На зямлю маю ступае прыгажосьць.