Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

ПРЫГАЖУНЯ I АСIЛАК (народная песня)

Сярэдняя: 4.3 (6 галасоў)

Хмары чорныя насіла
Над ракою Палатой,
Каня зранку галасіла
Пад вярбою залатой.

Наляцеў віхор гаротны,
Пыл рассыпаў па шляху,
Выйшла дзеўка мыць палотны
На Палоту, на раку.

Ой, авой!
Мы сустрэнемся з табой,
Каб навечна развітацца
З адзінотаю-журбой.

– Гэй, ты, рэчка, не журыся,
Супакойся ў цішыні,
Бо па полі едзе рыссю
Гарны хлопец на кані.

– Навальніца, хопіць, хопіць,
Біць маланкамі спыні! –
На спатканне едзе хлопец
На каштанавым кані.

Ой, авой!
Мы сустрэнемся з табой,
Разгарнуліся палотны
Пад кудлатай, пад вярбой.

– Што ты робіш, чараўніца?
Прыгажуня, адкажы! –
Апусціў лістоту ніцам
Вербалоз каля мяжы.

Каня сумна галасіла,
Не раняла слоў пустых,
Прыгажуня і асілак
Цалаваліся ўдваіх.

Ой, авой!
Мы сустрэнемся з табой,
Разгарнуліся палотны
Пад каханкай маладой.

Хмары чорныя насіла
Над Калінавым мастом,
Толькі конь з магутнай сілай
Біў звінючым капытом.

Галасіла сумна каня
I хавалася ў трысці
Так, што нават і кахання
Ў чыстым полі не знайсці.

Ой, авой!
Мы расстанемся з табой,
Загарнуліся палотны
Ў нераскручаны сувой.

Біў крылом жахлівы віхар,
Закруціўшыся вузлом.
Ці цябе згубіла ліха
За Калінавым мастом?

Ён паехаў і згубіўся,
Дзіду ўзняў напагатоў,
Толькі ў полі пакаціўся
Дробны тупат капытоў.

Ой, авой!
Мы расстанемся з табой,
Каб навечна павянчацца
З адзінотаю-журбой.