Паглядзі - ужо страцілі бляск назаўжды мае вочы.
Я душой ачарсцвеў, мае крылы зламалі вятры.
Я па гэтаму соннаму гораду стомлена крочу,
Нада мною высока-высока мігцяць ліхтары.
Лісцем жоўтым засыпана ўсё, што было перажыта:
Боль і радасць, надзея і роспач, каханне маё.
Дык скажы, чаму сэрца навекі для іншых закрыта?
Чаму з карканнем злосным мне ў спіну глядзіць вараннё?
Я яшчэ не здзічэў канчаткова, яшчэ ёсць надзея,
Што аднойчы ў шэрым натоўпе пабачу яе:
Той да болі знаёмы мне стан і ўсмешку Венеры,
Маё сэрца, душа адагрэтая зноў ажыве.
А пакуль застаюся сам-насам, чакаю, чакаю…
За акном у мітусьні людзі йдуць па вясновай вадзе.
Я стаю і ўслых, як замову, адно паўтараю:
“Ну прыйдзі…”, ды вось толькі яна не ідзе, не ідзе…