Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Прыйдзі аднойчы ў вечаровы час...

Сярэдняя: 4 (21 голас)
Прыйдзі аднойчы
                          ў вечаровы час,
Калі плывуць дымы,
                              як верасы,
Да кургана пясчанага,
                                  што нас
Разлучыць назаўжды, —
Прыйдзі, мой сын.

Павер хвіліну нейкую,
                                 што я
Жывы стаю між трапяткіх бяроз
I слухаю:
                у праведных баях
Што ты здабыў?
                       Што ў сэрцы ты прынёс?..

Прыйдзі —
                 як ветру жніўнага павеў,
Каб нада мною дыхалі палі
I колас той звінеў — не адзвінеў,
Што к сонцу
                   на руках
                                  ты ўзняў спяліць.

Прыйдзі —
                 як песня,
                                што табе збярог
Бацькоўскі край
                        і дбайна перадаў.
Прыйдзі —
                 як рэха з тысячы дарог,
Дзе голас мой твае сцягі гайдаў.

Прыйдзі —
                 як думкі вогненнай усплёск,
Як гром ракет, што ўзлёт твой акрыляў...
Прыйдзі,
             мая надзея і мой лёс, —
I лёгкай будзе
                      для мяне зямля.