Апошнім часам, па вясне,
Чакаю ўсё часцей,
Калі салоўка распачне
Свой спеў – чысцей, чысцей!
І ненарокам падштурхне
Ўспамін пра маладосць,
Калі мурашкі па спіне,
Ад пацалунка – млосць.
А памяць – скнара пры казне,
Напэўна, з варажэй –
Шчыруе зелле ў чыгуне,
Падкідвае дражджэй.
І вось аднойчы палыхне
Забытае стакроць:
"Прыходзь увечар да мяне,
Бацькоў няма – прыходзь!.."
Вясна пяшчотай ахіне.
Каторая з начэй
Да ранку вочы не самкне.
Прыпомніцца ярчэй…
Паўмесяц, быццам у паўсне,
Сузор'яў пазалоць.
Шалеў салоўка пры гумне
І вар'яцела плоць.
Агеньчык – знічкаю на дне
Збянтэжаных вачэй,
І шэпт у травеньскім акне:
"Хадзі ка мне хутчэй!.."
Я зноў у месячным чаўне
Вандрую ў тую ноч.
У першароднай белізне
Квітнеюць дрэвы ўзбоч…
Хоць сёння скроні ў сівізне,
Мінулае бліжэй.
Як тая вытрымка ў віне,
З гадамі – даражэй.
Усё калісьці праміне –
Не ўхопіш за аброць.
Прыходзь, каханне, да мяне,
Ну хоць у сне – прыходзь!