Прыляціць вясной сарока –
Навіну з хваста страсе,
Што ўжо бусел недалёка,
Што дзіцятка вам нясе.
І зязюля напрарочыць
І яму багата год,
І варона не сурочыць,
Не абкаркае яго.
Шчабятаць ён будзе міла,
Ў снах лятаючы, расці,
Толькі б мужны голуб міру
Белы свет не апусціў…
І яму яго салоўка
Заспявае на страсе!
Прыляціць вясной сарока –
Навіну з хваста страсе…