ПРЫСВЯЧЭННЕ САБАКУ
Познім вечарам я падыходжу да вёскі.
Тут сабакі мяне больш не лічаць сваім,
Заліваюцца брэхам – чутны адгалоскі.
Псоў сузор’е, здалося, адказвае ім.
І ўспаміны чакаць не заставілі доўга, –
Завілялі хвастом, мне лізнулі шчаку:
Зноўку бачу ў дзядзінцы сябе я малога,
Дзе так рад я гарэзу майму – шчанюку.
Ён падрос, стаў сабакам прыгожым на дзіва,
Добра дом вартаваў, пасвіць нам памагаў.
А калі ўпершыню ў дальні шлях я пусціўся,
Колькі раз да мяне ён у сны прыбягаў.
Ды калі я вярнуўся, мяне не прывеціў
Ён – падаўся аднойчы ў нябёсы да Псоў.
І ганяўся падчас за хвастом сваім вецер
І сабакам да ног маіх лашчыўся ўсё…
…Мы ў жыцці выплываем парой па-сабачы
І залізваем рваныя раны.
Аднак
Зноў гаючай травою знаходзім удачы, –
Як сабака, надзея не здраджвае нам…