Як я жыў без цябе?
І не ведаў, што недзе на свеце,
За глухімі лясамі,
За сотнямі ўзгоркаў і меж,
Не на дальнім сузор’і,
А ў нас, на планеце
Ты ў зялёным і ціхім завулку жывеш.
Як я жыў без цябе?
А маглі ж не сустрэцца ніколі,
За паўкрока
Адно аднаго абмінуць,
Разысціся, як сцежкі расходзяцца ў полі,
І не знаў бы за страту каго папракнуць.
Мабыць, трэба было
Праваліцца у пекла,
Траціць блізкіх, пакутаваць,
Мерзнуць, гарэць,
Ратавацца,
Каб лютая сцюжа не ссекла,
Каб цябе пад Палярнаю зоркай сустрэць.
І пазнаць,
І адразу забыцца аб крыўдзе,
Каб убачыць праменьчыкі
Ў зрэнках тваіх,
Нарадзіцца ізноў
І паверыць, што прыйдзе
І збавенне, і шчасце
Адно на дваіх;
Падабрэць, памякчэць,
Назаўседы скарыцца
Непадкупнай
Суровай тваёй чысціні,
Каб істоты тваёй адкрываць таямніцы,
Каб душу гартаваць на высокім агні.
Час ляціць і ляціць,
Завіруха завеяла скроні,
Пакідаюць насечкі
Гады на ілбе.
Я гляджу на цябе,
Я дзіўлюся і сёння,
Чым я жыў без цябе,
Як я жыў без цябе?..