Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Пуччынi

Сярэдняя: 4.8 (6 галасоў)

ПУЧЧЫНI

Калi б гэты верш быў напiсаны мною па-рускi,
То ў iм ужывалася б недасягальная рыфма.
У ёй адчуваецца пошчаўк ядлоўцавы хрусткi
I матэматычная выверанасць лагарыфма.

Паслухайце толькi, якая тут гнуткасць спружыны!
Прымецяць яе чужамоўныя i суайчыннiк.
Якая густая, смалiстая даўкасць ажыны!
На густ паспрабуйце адведаць: «Пуччынi» – «в пучине».

Але беларуская мова ня гэтага крою,
Бо слова «пучина» па-нашаму значыць «бяздонне».
Яна патрабуе ад вершаў другога настрою.
Так iканапiсец мяняе аблiчча мадонне.

Яна патрабуе ад вершаў асобнага лада,
Тут балем кiруюць мялiзмы мясцовых сугуччаў,
Для iх аб’яднання належыць свая акалада,
Якой iншаземны назойлiвы тон надакучыў.

Аднак жа ў тэатры часцей забываецца змора
I смага да музыкi роднага слова, нiбыта
Пад велiчны купал шчыгламi ўзлятаюць сямёра
Брыльянтавых гукаў. Хто выпусцiў iх? Кампазiтар!

Узносяцца ўгору пяюннi ва ўзрыву пачуццяў
Блiскучымi кроплямi па-над буянствам фантана,
Як быццам iрвуцца на волю з-за сплеценых пруццяў
Турэмных лiнеек бясконцага нотнага стана.

Няўжо для кагосьцi разумнага мае значэнне
Паходжанне генiя, прозвiшча альбо мянушка,
Калi з цiшынi выцякае струменняў злучэнне?
… Рахманiнаў, Мусаргскi, Леанкавала, Манюшка…

Ды нават сярод гэтага легiёна гiгантаў
Ёсць музыка тая, што з высакагорнай вяршынi
Нясецца лавiнай раз’юшаных дзiкiх дрыкгантаў,
Змятаючы ўсё на шляху! Яе iмя – Пуччынi.

Адкуль жа паўстала вядзьмарская боганатхнённасць,
Што самаму маламу гуку надала харызму
I карай нябеснай з’явiла праклённую плённасць,
Надзеўшы на душу тугiя вярыгi вярызму?

Чым вабяць разгублены слых, як каштоўныя гемы,
Таемныя ноты, што напамiнаюць двукоссi:
Кiтайскiя хоры, любоўныя песнi багемы,
Пакуты Лаўрэты ды арыя Каварадосi?

Каб быць хоць на ёту падобным ягонаму стылю,
Патрэбна спалiць на кастры хваляваннi i страхi.
Хто ў гэтым паплечнiк, якi адвяргае бяссiлле?
Тваё пяцiстоп’е, паважны спадар амфiбрахiй!

Пад нiцымi вербамi, долу спусцiўшымi хусткi,
Вялiкая музыка кацiць бурлiвай ракою.
Калi б гэты верш быў напiсаны мною па-рускi,
То я, бязумоўна, звянчаў яго Тоску з «тоскою».

Але беларуская мова ня гэтага ладу:
Яна з малалецтва ўвабрала да самага сэрца
Трывожны ззываючы бас баявога набату,
Далёкi малiнавы водгук мiнорнага скерца.

Яна нарадзiлася ад бязупыннага руху
Паўночных вятроў, што шумяць у шырокай лагчыне.
Няўжо вы ня чуеце, колькi радзiмага духу
Ў такой надзвычайнай, прываблiвай з’яве – Пуччынi?!