Як з матулінага лета –
Гэта сонечная ніць.
Я магу па ёй з край свету
Ў край дзяцінства пазваніць.
І ў журбе асенняй ночы
Светла мне пагаманіць
З тою вёскай,
Дзе аднойчы
Мама прала гэту ніць,
Што вядзе мяне праз годы
І, бывае, аж струніць –
Цягне ў добры бок заўсёды
Гэта праведная ніць.
Як бы мог я ў людзі выйсці
І ў жыцці сябе знайсці
Без радзімай гэтай ніці
Да чаго б я мог дайсці?!
На дасвецці
Весні вецер
Вербным веццем
Асяніць:
І злой сілай не парвецца
Гэта тоненькая ніць!