РАБІНАВАЯ ЭЛЕГІЯ
Я шчакой да дрэва прытуліўся.
Прыгажуня – не адвесці воч.
Збыўся сон прарочы, што калісьці
Сніўся мне ў рабінавую ноч.
Вырасла, пасаджаная намі,
Стройная рабіна пад акном.
Веткамі злых духаў адганяе,
Каб не ведаў бед, жагнае дом.
Каб і ўночы бачылі вясёлку,
Каб не заблудзіліся нідзе,
Нас з табою вера ў сваю зорку
Посахам рабінавым вядзе.
Чутна як крычаць нам птушкі “Горка!”
Бо ў табе ёсць столькі дабраты, –
Абярэг ад чараў і сурокаў –
Пацеркі рабіны носіш ты.
Ой, як люба мне цябе рабінкай,
Ягадкай рабінаваю зваць,
Як і мне даводзіцца гарчынку
Рэўнасці
ў каханні адчуваць.
Каб душоў застацца маладымі,
Хоць не маладыя ўжо даўно, –
Мы з табой, дасць Бог, не раз падымем
Келіхі з рабінавым віном.
Вось таму, вярнуўшыся здалёку,
Дзе нямала цяжкасцей спазнаў,
Каля дому я ўздыхнуў з палёгкай
І рабіну родную абняў.*
*Рабіна з’яўляецца сімвалам урадлівасці і дастатку. Яе ягады – сімвал моцнага і вернага кахання, а значыць, і сямейнага шчасця. Рабінавы посах засцерагае ў час вандровак і прыносіць духоўнае прасвятленне ў дарозе. Дрэва не баіцца засухі і марозу.
23 верасня – Дзень рабіны. У гэты дзень у былыя часы адзначалі імяніны рабіны.