Нямала “будучыні светлай
Будаўнікоў” навербаваў,
Ды рэчаіснасць беспрасветнай
Была – шмат душ абрабаваў!
Ў палон ці змог бы ўзяць Феміду
Партыйны жрэц, прараб рабы
Узняць такую піраміду –
Без нас, нікчэмныя рабы?!
...Пачуўшы плач нябеснай скрыпкі –
Сцяну глухую час прабіў –
Хоць і са скрыгатам і скрыпам,
Рабы, распростваем гарбы!
Аковы ржавых догм рвучы,
Пачуўшы плач свайго сумлення,
Пачуўшы прашчураў маленне,
Нашчадкаў просьбу, –
Жывучы,
Не выпрабоўваць Немізіду
Больш праўду ў крыўду не даваць:
Сістэмы жорсткай піраміду
Звярнуўшы, –
Храм пабудаваць!
Дзе душы памяццю світаюць,
Дзе радасць дараць проста так...
Разняўшы рукі, нас вітае
Хрыстос распяты, як Спартак!
Ці прычакаем ладу яблык,
Ці стане свет зноў на дыбы?
Ці аджагнаемся ад д’ябла,
Рабы, ўсе – Божыя рабы?!
1989