Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Радаслоўная

Сярэдняя: 5 (1 голас)

Рослы селянін з-пад Магілёва,
Жыў мой прадзед у глухім сяле.
Жыў на месцы ўсё жыццё, як дрэва,
Ў цемры, як кажан жыве ў дупле.

Свет не бачачы далей мястэчка,
Працаваў з зары і да зары,
Гнуў спіну ў абшарніцкім двары
І сатлеў пакорна, нібы свечка.

На паглум аддай жыццё ў салдаты!
Дзед хоць быў і смелы чалавек,
Каб не скласці косці на Карпатах,
Палец на руцэ адсек.

Сорак сутак насустрэчу сонцу
Бацька ехаў у чужую даль
Шапкамі перамагаць японца —
І прывёз кастыль, а не медаль.

Каля Віслы брат памёр ад газаў,
Роднай не пабачыўшы зямлі.
І, нарэшце, — камбайнер калгаса —
Я — апошні з нашае сям'і.

За гадамі, за глухой заслонай
Бачу продкаў невясёлы век.
Я з свае вялікай радаслоўнай —
Самы найшчаслівы чалавек.