Гасцінец млее ў квецені садкоў.
Пялёсткі летуценнямі, без гуку,
Кладуцца, як мяцеліца, па бруку
Празрыстымі карункамі вянкоў.
А ціша, быццам сон, – з усіх бакоў…
І раптам балагол, як аднаверца,
Раскідвае ў прастору гукі скерца
Шчаслівымі акордамі падкоў.
Шчымлівы гук, амаль з глыбінь вякоў…
Вясна! Не трэба жыць у паняверцы.
І гучным ямбам стукаецца сэрца –
Няволіцца за кратамі радкоў!
1999