О свежых стружак ап’янелы пах!
Шалёўку Міся гломзае пры хаце.
А ў хаце
па слаях шпалераў,
што
Я абарваў,
Гады тасуе маці!
Маланкай думка сцёбае!
І зноў
Грымотна малаткі ў нас лямантуюць!
А ў вёсцы – вохці-і
– Віктарышын сын
Прадаў карову, хату рамантуе!
– Жаніцца, пэўна, думае ізноў!
– Але, глядзі, якую дзеўку страціў!
– Навошта той рамонт яму,
калі
Ад’едзе ў горад, жыць не будзе ў хаце?!
А мама:
– Добра, сынку, хай глядзяць!
І я сабе:
– Ну, брат, як хочаш майся,
Трымайся справы,
Раз узяўся ўжо,
Як за штаны,
Не ўпалі каб,
Трымайся!
Мая хатуля!
Цяжка ўжо даўно
Было мне слухаць,
Толькі што папішаш,
Як скрэбліся ў шпалерах у адно,
Як на душы тваёй збалелай,
Мышы!
Мая хатуля!
Цяжка мне даўно
Было глядзець,
Што ты і у нядзелю,
Як вокам на мяне крывым,
Акном,
Як зараз часам мой сусед глядзела!
Ды што я мог, мурзатая сапля,
У золкай хліпкай восені пад носам?!
Ды што я мог такога,
акрамя
Як вёдры, дзе страха цякла, падносіць?!
А зараз ты ўжо хутка у мяне
Зірнеш на свет фарсухай-весялухай!
Хто шапку зняў, мяне каб прывітаць,
А нехта – каб патыліцу пачухаць!
Бо зараз, брат, зусім не той фасон!
Усмешкай мамін твар памаладзіўся:
– А вось шпалеры гэтыя у нас
Былі,
Як ты, сыночак, нарадзіўся!
1980