Расце атава.
Укос другі
Касцоў пакліча неўзабаве.
Буслоў бясконцыя кругі,
У сэрцы большае тугі,
Як на бязлюднай пераправе.
Як на бязлюднай пераправе,
Дзе перавозчыка няма,
А ты гукаеш, ды дарма:
Маўчыць аглухлы бераг правы.
Маўчыць аглухлы бераг правы
Хоць да яго рукой падаць,
А там калышуцца, шумяць
Твае няскошаныя травы.