Пляменніцы Вользе
Бяжыць нярадасна дарога,
Буяе лета не для мамы –
Ёй непатрэбна больш нічога
Акром труны, крыжа і ямы.
Нясветла едзецца ў Хрыстова:
Галосяць сэрца і душа,
Айчына плача, плача мова
I плача чорная шаша.
А сонца свеціць ярка-ярка,
Ад матылькоў прасцяг трымціць,
На небе светлым – ані хмаркі,
I разумееш: трэба жыць!
Заціхне ў сэрцы боль пякучы
Пад прэсам думак і турбот...
...Расце, дагледжаны унучкай,
Апошні мамін агарод.