А рэха, як мячык, дакоціцца снежнем
З-за лугавінаў пакінутых дзён…
Як водулле нашых нясмела-няспешных
Забавак ў любошчы, мілосцяў як скон.
Калі распранецца апошняя восень і
Агаліцца ў бязтраўі вятроў,
То рэха, як мячык, падскочыць у просінь,
У бездань забытых няпомных вякоў
Паўстане Нясвіжа Ўладаркай-Прывідам,
Гальшанскімі ценямі ляжа на дол…
Аблічча тваё быццам скарбы з Нябыту
У памяці счэзлай падкіне стадол…
На тое, каб жыць, каб жадаць, каб змагацца
Вярулася ты праз стагоддзі віхур.
А рэха праклятае стоеных жарсцяў
Лушпінне пачуццяў хавае ў мармур…