На золку шэрым
Конік бег —
Яшчэ й дугі не відно.
На золку гулкім
Валілася ў снег
На хату будучую
Бервяно.
Туды,
Дзе барвяна
Праз ночы дно
Бруіўся
Прамень з падзямелля
Крамяны,
Кацілася кругла
Вянца звяно —
«Бер-вя-но...» —
Мяняючы тон драўляны
На рэха віны —
«...вя-но...»
Пасля і «...я-но...»
Зламалася — «...но-о...» —
Нібы пугаўё ў мароз.
I толькі «...о-о-о...»,
Як іней з бяроз,
Бязгучна
вецер
абтрос...