Ашалела-звонкі сакавік!
Слепіць вочы з просінню іскрыстасць.
Снег наўкола – быццам чыставік,
Асляпляльна яркая вялікасць.
Мой рытмічна-ачмурэлы век!
Прыпыніся над вясновай гладдзю:
Глянь – вунь памірае чалавек,
Што ні разу светламу не здрадзіў.
Сэрца ён свайго не шкадаваў
I чым мог заўжды з людзьмі дзяліўся,
Як пчала ў жыцці адшчыраваў,
Як прамень лагодны адсвяціўся.
А яго равеснік і сусед
Адурэў ад шчасця за сцяною,
Ён рыхтуе грошы на банкет:
Будзе мець суседавы пакоі.
Гэты ні за кога не гарэў,
Ад чужога гора не заплакаў,
Ён на горы гэтым рукі грэў,
На людзей не раз спускаў сабаку.
Мой рытмічна-ачмурэлы век!
Прыпыніся над вясновай гладдзю:
Памірае добры чалавек,
Што ні разу светламу не здрадзіў